Літва не будзе працягваць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю



Урад Літвы прыняў рашэнне не працягваць рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю і ў лагерах, дзе размяшчаюць мігрантаў, заявіла прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманітэ.

Еўразвяз лічыць, што Беларусь наўмысна падштурхоўвае нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі да пераходу граніцы з ЕЗ, правакуючы крызіс у адплату за санкцыі, уведзеныя супраць Менска.

«Цяпер урад не будзе прапаноўваць працяг надзвычайнага становішча пасля 15 студзеня, але нам, магчыма, давядзецца разгледзець такі крок у залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя», — сказала Шыманітэ.

Рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічае з 9 лістапада, дазваляе памежнікам выкарыстоўваць «псіхалягічны ціск» і «прапарцыйны фізічны гвалт» для прадухілення пранікнення мігрантаў у Літву, паведамляе svaboda.org.