Літва не прызнае рэферэндум у Беларусі



„МЗС паведамляе, што Літва не прызнае вынікі так званага „рэферэндуму” па папраўках у Канстытуцыю, які адбыўся ў Беларусі 27 лютага, і лічыць іх несапраўднымі”, — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Літоўскі бок указвае на тое, што рэферэндум быў арганізаваны ўладамі, якія страцілі легітымнасць, праходзіў у абстаноўцы страху і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і любой альтэрнатыўнай думкі.

«У Беларусі знішчаныя незалежныя СМІ, у турмах знаходзяцца больш за 1070 палітвязняў, бязлітасна душыцца любое выказванне грамадзянскай пазіцыі. Частцы грамадскасці, змушанай пакінуць краіну, не далі выказаць сваю пазіцыю. У такіх умовах рэальны ўдзел грамадскасці ў абмеркаванні прынцыповых пытанняў канстытуцыі краіны немагчымы», – гаворыцца ў заяве.

МЗС Літвы таксама падкрэсліў, што галасаванне праходзіла ў час, калі ў краіне размешчаны расейскія войскі, якія атакуюць з тэрыторыі Беларусі Украіну.

«МЗС рашуча асуджае агрэсіўныя дзеянні Расеі і Беларусі і патрабуе ад Расеі вывесці ўсе войскі і ваенную тэхніку з Беларусі і спыніць ваеннае ўварванне. У гэтым кантэксце плебісцыт разглядаецца толькі як спроба Аляксандра Лукашэнкі легітымізаваць сябе і замацаваць за сабой лідарства ў Беларусі на нявызначаны тэрмін. Гэты працэс нельга лічыць годным даверу як у вачах народа Беларусі, так і ў вачах міжнароднай супольнасці», – заявілі ў МЗС Літвы.

Літоўскі бок таксама заклікаў як мага хутчэй распачаць дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю аб новых, свабодных і справядлівых выбарах пад назіраннем АБСЕ.

Літва не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

[manual_related_posts]