Літва рыхтуецца да росту нелегальнай міграцыі з Беларусі



Кіраўнік парламенцкага камітэта нацбяспекі і абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што беларускія ўлады выбралі яго краіну мішэнню для нелегальнай міграцыі, адзначыўшы, што плыні нелегалаў «беспрэцэдэнтныя, але сітуацыя знаходзіцца пад кантролем».

«Выснова, што Літва была абраная мішэнню беларускім рэжымам, пацвярджаецца тым фактам, што ў графе нелегальнай міграцыі Латвіі — “нуль”, і ў Польшчу грукаецца значна менш мігрантаў, чым у Літву», —напісаў Кашчунас у facebook, паведамляе АФН.

Паводле яго слоў, патокі нелегальных мігрантаў звязаныя з чатырма штотыднёвымі рэйсамі камерцыйных авіякампаній з Багдаду і Стамбула ў Менск. Пры гэтым «можна змадэляваць горшую сітуацыю, што колькасць (нелегальных) мігрантаў з Ірака і Сірыі можа дасягаць 200-300 чалавек на тыдзень». Кашчунас падкрэслівае, што трэба быць гатовым і да ажыццяўлення дэпартацыі нелегалаў у краіны іх паходжання.

У панядзелак Кашчунас разам з некаторымі чальцамі камітэта наведаў так званую «пятлю Дзевянішкес» (участак на ўсходзе Літвы вакол мястэчка Дзевянішкес, які глыбока ўдаецца ў тэрыторыю Беларусі). Па словах палітыка, менавіта тут была найбольшая колькасць спробаў перасекчы дзяржаўную мяжу Літвы з Беларуссю.

У сувязі з рэзкім ростам нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі Літва размяшчае на мяжы дадатковыя сілы. Да канца 2022 года Літва плануе ўсталяваць на ўсёй працягласці мяжы з Беларуссю сістэмы назірання, паколькі ў дадзены момант яны дзейнічаюць толькі на 38% агульнай мяжы. Для гэтага спатрэбіцца 38 млн еўра.

Нагадаем, толькі ў панядзелак, 7 чэрвеня, літоўскія памежнікі затрымалі тры групы нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі ў Літву з Беларусі. Вільня сцвярджае, што беларускія памежнікі спрыяюць пераходу мігрантаў праз мяжу.