Малебен за праваслаўных пакутнікаў беластоцкай зямлі



У нядзелю, 31 студзеня, у царкве святога Духа ў Беластоку прайшоў малебен за праваслаўных пакутнікаў беластоцкай зямлі, ахвяраў так званага «крывавага рэйду Бурага». Як раз 31 студзеня, 75 гадоў таму ў лесе ля Пухалаў Старых быў закатаваны 31 праваслаўны вазак. Злачынства здзейснілі жаўнеры польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім «Буры».

У 2019 годзе рашэннем Сабора біскупаў Польскай праваслаўнай царквы імёны ўсіх закатаваных вазакоў улічаны ў спіс падляшскіх і холмскіх пакутнікаў. Царква ўзгадвае іх двойчы – 4 чэрвеня ды ў апошнюю нядзелю студзеня або першую лютага. 

Кажа настаяцель святадухаўскага сабора ў Беластоку Георгій Борэчка:

– З таго часу, калі гэты помнік быў узведзены («Праваслаўным жыхарам Беласточчыны, ахвярам ІІ сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсіяў»), мы штогод, два разы ў год, выходзім (з працэсіяй) да помніка і там молімся. Стараемся інфармаваць нашых вернікаў, каб памяталі пра нашых продкаў, якія аддалі сваё жыццё і за веру, і за нацыянальнасць, а таксама і за Айчыну. Я спадзяюся, што мы будзем памятаць і будзем старацца гэтую трагічную гісторыю перадаваць таксама нашым дзецям і ўнукам.

Пасля малебна за падляшскіх пакутнікаў у царкве святога Духа ў Беластоку святары адслужылі малебен ля помніка «Праваслаўным жыхарам Беласточчыны, ахвярам ІІ сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсіяў». Былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя знічы.

Заўтра, 2 лютага, урачыстасці працягнуцца ў царкве ў Браньску на Бельшчыне, дзе ўзгадаюць святых пакутнікаў, што загінулі ад рук польскага ўзброенага падполля ў 1946 у Занях і Шпаках.

[Not a valid template]

Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя,  Беласток, фота аўтара