Марцін Рэмбач: Нам залежыць, каб лепш уладкаваць беларуска-польскае суседства



Госць Рацыі – Марцін Рэмбач, старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі «Польшча – Беларусь», каардынатар праекту «Падляшскае суседства – выклікі. Канферэнцыя на карысць польска-беларускай супрацы і добрага суседства».

РР: Каферэнцыя пачнецца 26 лютага?

Марцін Рэмбач: Так, 26 лютага а 12-й гадзіне мы пачынаем. Канферэнцыя запланавана на 5 гадзін. Будзе адбывацца ў фармаце офлайн. Дадам толькі, што канферэнцыя адбудзецца ў аўдыторыі факультэта гісторыі і міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта (плошча NZS,1). Дзякуем за прадастаўленне гэтай аўдыторыі кіраўніцтву факультэта.

РР: Польска-беларускія адносіны, маю на ўвазе дзяржаўны ўзровень, зараз не самыя лепшыя, і гэта мякка кажучы, што не самыя лепшыя. На польска-беларускай мяжы ўзводзіцца сталёвая сцяна. У Беластоку і на Беласточчыне падобная сцяна, больш ці менш шчыльная, паміж палякамі і мясцовымі беларусамі была заўсёды, хаця размовы пра інтэграцыю вядуцца даўно. І вось у выніку абвастрэння міждзяржаўных адносінаў гэтая „сценка” ці не пераўвасобіцца ў сапраўдную сцяну, падляшская нашая „сценка”?

Марцін Рэмбач: Я думаю, што ў цяперашнім часе беларуска-польскія адносіны выглядаюць надзвычай няпроста, тут ёсць шмат плоскасцяў, і на кожнай з іх адносіны выглядаюць інакш. Я гэта бачу ў такі спосаб. Калі казаць пра беларуска-польскія адносіны паміж краінамі, на ўзроўні уладаў, то відавочна, што гэтыя адносіны знаходзяцца ў стане крызісу. Тут цяжка казаць пра нейкую супрацу. І напэўна да гэтага прычыніліся дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, які арганізаваў нам на Падляшшы міні-пекла з удзелам замежных нелегалаў. Штосьці такое з элементаў гібрыдных вайны. І з той прычыны паўстала гэтая сцяна. Цяжка мне сказаць, ці гэтая сцяна ёсць сапраўднай, я не ёсць спецыяльным даследчыкам. Я так разумею, калі з’яўляецца сцяна, то адразу з’явяцца і падкопы пад сцяной, або нейкія кладкі. Канешне, сцяна прыносіць пэўныя страты – экалагічныя, эканамічныя, а перадусім сімвалічныя.

Але калі казаць пра „сценку” паміж палякамі і беларусамі на Беласточчыне, то мне падаецца, што гэта крыху іншая плоскасць. Я тут бачу, што працэс ідзе да ліквідацыі гэтай „сценкі”. Яна, канешне, існавала і існуе да сёння. На найменшым узроўні яна існуе ў міжчалавечых адносінах – суседскіх кантактах, ці супрацы ў рамках працы фірм, розных інстытуцый. Але існуе на ўзроўні палітычным. Пра гэта напэўна будзем размаўляць на канферэнцыі.

РР: Ці ў такім выпадку магчымае суіснаванне на адной невялікай тэрыторыі польскай нацыянальнай ідэі, яна апошнім часам узмацняецца, і шмат нацыянальнага грамадства, у нашым выпадку ў асноўным беларусаў. Міф польскіх усходніх крэсаў і міф Вялікага Княства Літоўскага. Больш тут у нас супольнага, ці больш таго, што раздзяляе?

Марцін Рэмбач: Я думаю, што больш супольнага. Толькі не заўсёды мы гэта заўважаем. Бо тое, што дзеліць, яно заўсёды вельмі заўважнае, на ім канцэнтруецца ўвага. Але мне здаецца, што паміж намі больш супольнага. І я скажу нават іначай, няма такога пытання, што мы нашую суседскасць будзем рэалізаваць, бо мы яе ўжо рэалізуем, і мы можам яе рэалізаваць або лепш, або горш. Відавочна, нам залежыць, каб яе рэалізаваць лепш. Гэтаму і павінна паспрыяць нашая канферэнцыя.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]