Ва Украіне працягваюцца масавыя акцыі супраць расейскай агрэсіі



Так, у суботу ў Кіеве прайшоў вялікі марш еднасці, удзельнікам якога сталі і беларусы. У нядзелю ж дыяспара традыцыйна сустрэлася на Майдане. Гэтым разам актывісты выступілі супраць расейскай агрэсіі, а таксама падтрымалі Уладзіміра Мацкевіча.

Беларускі філосаф вось ужо 6 месяцаў знаходзіцца ў турме, абвінавачванне яму не прад’яўленае, суд не прызначаны. Цяпер дзеяч трымае галадоўку і патрабуе змяніць меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату судовага разбору. Калі ж яго патрабаванні не будуць выкананыя, ён абяцае перайсці на сухую галадоўку.

“Гэта сапраўды геройскі ўчынак”, – тлумачыць актывіст і суарганізатар беларускіх акцый Алег Аўчыннікаў.

– Калі ты цалкам адмаўляешся ад ежы, цалкам ад вады – то гэта вельмі мужны ўчынак. Па-першае, для гэтага трэба смеласць, па-другое патрэбная вялікая сіла духу. Мы ведаем, што ў сучасных умовах, у якіх сядзяць нашыя палітвязні, на іх правы глыбока пляваць тым, што знаходзяцца ў адміністрацыі калоніі і вышэйшых кабінетах улады. У рэжыме Лукашэнкі палітвязні былі і застаюцца толькі таварам, якім гандлююць з Еўропай. Але зараз той прынцып не дзейнічае, таму абыходзіцца з імі даволі жорстка. Сапраўды ахвярны ўчынак, калі ты выступаеш такім чынам за свае правы.

Падчас акцыі беларусы напоўнілі пластыкавыя шклянкі вадой і перагарнулі іх – у знак салідарнасці з Уладзімірам Мацкевічам. Таксама актывісты запісалі відэазварот у падтрымку філосафа.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]