Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі сустрэўся з бацькамі Рамана Пратасевіча



10 чэрвеня па ініцыятыве мэра Варшавы адбылася сустрэча з Дзмітрыем і Наталляй Пратасевіч. 

Падчас размовы Рафал Тшаскоўскі пацікавіўся падрабязнасцямі крымінальнай справы супраць Рамана і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі, іх станам здароўя, а таксама выказаў падтрымку бацькам Рамана як ад свайго імя, так і ад імя ўсяго польскага грамадства, якое перажывала падобныя падзеі ў часе паўстання «Салідарнасці».

У сваю чаргу, бацькі Рамана Пратасевіча падзякавалі мэру Варшавы і ўсім палякам за вялікую падтрымку і салідарнасць з беларускім народам. Прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі Цэнтру Беларускай Салідарнасці паінфармавалі Рафала Тшаскоўскага аб сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, а таксама аб працэсе адаптацыі беларусаў, якія былі вымушаныя бегчы ад рэпрэсій у Польшчу.

Пасля сустрэчы Рафал Тшаскоўскі прыняў рашэнне аб прадастаўленні дапамогі бацькам Рамана Пратасевіча. Акрамя таго, сваю ўсебаковую дапамогу бацькам Рамана будзе аказваць Цэнтр Беларускай Салідарнасці.

Беларускае Радыё Рацыя