Менскі аэрапорт заявіў пра два рэйсы ў Ірак (абноўлена)



Менскі аэрапорт заявіў пра два рэйсы ў Ірак, які адбудуцца сёння, 25 лістапада, і 26 лістапада. На гэтых самалётах чарговыя групы мігрантаў, якія апынуліся ў Беларусі, адправяцца дамоў.

Увогуле на табло а 17-й гадзіне значыліся чатыры рэйсы, якія паляцяць з Менску ў Эрбіль. Аднак пазней у тэлеграм-канале Менскі аэрапорт заявіў, што рэйсаў будзе толькі два: а 22.15 чацвярга і а 1.15 26 лістапада.

Раней паведамлялася, што авіякампанія Iraqi Airways зняла запланаваны раней эвакуацыйны рэйс праз тое, што «Еўразвяз не аплаціў самалёт».

Консул Ірака ў Маскве сказаў, што ўлады ягонай краіны наогул не планавалі эвакуацыйнага рэйсу 25 лістапада.

Кампанія Iraqi Airways заявіла, што рэйс проста адкладзены «па просьбе МЗС Ірака». Тым часам шмат мігрантаў па-ранейшаму знаходзяцца ў памежных рэгіёнах з Польшчай.

Мінулай ноччу 230 з іх штурмавалі польскую мяжу, аднак безвынікова. Не сціх крызіс і паблізу літоўскай мяжы: адна з групаў мігрантаў прабралася ў прычэп фуры, спадзеючыся праехаць мяжу, аднак грузавік трапіў пад праверку і ўсіх затрымалі.

***

Мігранты з краін Блізкага Усходу паблізу пункта пропуску „Брузгі” на беларуска-польскай граніцы зладзілі мітынг – яны патрабуюць ад улад ЕЗ прыняць рашэнне аб адкрыцці гуманітарнага калідора, каб трапіць у Германію, перадае sputnik.by.

Фота: Sputnik

Некалькі дзясяткаў бежанцаў трымаюць плакаты, на якіх па-ангельску напісана „Мы не можам вярнуцца ў Ірак”. Яны выкрыкваюць адпаведныя лозунгі ў бок польскіх сілавікоў, якія стаяць у ачапленні на лініі мяжы. Уцекачы заяўляюць, што жадаюць жыць у мірнай, стабільнай краіне, і адмаўляюць, што яны эканамічныя мігранты.

Як паведамляе @SPUTNIKBY, таксама бежанцы незадаволены якасцю прадуктаў.

* * *

Колькасць нелегальных спробаў трапіць у Еўразвяз праз мяжу Беларусі і Польшчы павялічваецца. За 24 лістапада зафіксавана 375 такіх спробаў. 58 мігрантаў змаглі перайсці мяжу, але ў адносінах да 56 з іх прынятае рашэнне аб выдварэнні. Двух грамадзянаў Ірака затрымалі. Мігранты вярнуліся да ранейшай тактыкі: спрабуюць абмінуць памежнікаў невялікімі групамі.

Фота: twitter.com/Straz_Graniczna

Разам з тым, непадалёк ад Чарэмшы з тэрыторыі Берасцейскай вобласці прайсці ў Польшчу спрабавала група з больш чым 200 чалавек. Пра гэта паведаміла Памежная служба Польшчы.

Гэта яшчэ адно небяспечнае здарэнне – кажа прэс-сакратар аддзелу памежнай аховы Падляшша маёр Катажына Здановіч. “Як заўсёды сцэнар вельмі небяспечны. У бок функцыянераў ляцелі камяні, на агароджу кідалі броўны, каб знізіць яго вышыню. У выніку гэтыя людзі змаглі трапіць на тэрыторыю нашай краіны. Мы былі да гэтага падрыхтаваныя, мігранты былі затрыманыя”, – адзначыла Здановіч.

Польскія памежнікі апублікавалі відэа масавага прарыву мяжы нелегаламі.

Падчас прарыву мяжы беларускія сілавікі дапамагалі мігрантам, слепячы палякаў лазерамі і страбаскопамі.

Вайскоўцы і падраздзяленні падтрымкі падчас начнога дазору на мяжы, фота twitter.com/16Dywizja

Памежны камітэт Беларусі паведамляе, што з беларускага боку мяжы, непадалёк ад памежнага перахода „Пясчатка” (таксама у Берасцейкай вобласці) знойдзеныя мігранты з пераломамі. Два чалавекі шпіталізаваныя.

* * *

Мігранты, якія затрымаліся ў Беларусі, падалі ў Рэгіянальны ўрад Курдыстана каля 700 заяваў на добраахвотнае вяртанне. Такую лічбу назваў прэс-сакратар урада Джутыяр Адыль, піша партал Kurdistan.

Ён дадаў, што Рэгіянальны ўрад Курдыстана працягвае супрацоўнічаць з федэральным урадам Ірака, еўрапейскімі краінамі ды іншымі арганізацыямі, каб вырашыць праблему мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы.

Паводле ацэнак Польшчы, на беларуска-польскай мяжы застаюцца каля чатырох тысяч мігрантаў. Агулам жа ў Беларусі, паводле ацэнак еўрапейскіх экспертаў, знаходзіцца каля 15 тысяч мігрантаў.

Фота: Reuters