Мікола Ваўранюк: За апошні год роля жанчын у Беларусі істотна вырасла
Ці мае Беларусь жаночы твар? Між іншым пра гэта дыскутавалі ўдзельніцы XXI Трыялогу ў падляшскіх Крынках.
Па выніках мерапрыемства, мадэратар дыскусій, журналіст Мікола Ваўранюк заўважыў, што да адзінага меркавання дайсці не ўдалося:
– Хтосьці казаў, што жанчына, хтосьці казаў, што грамадства беларускае патрыярхальнае, і нават калі жаночы твар, то ён дзесьці моцна прыхаваны, не ў першым шэрагу. Усе мы пагодзімся, хто слухаў гэтых размоў, гэтых дыскусіяў, што за апошні год вельмі вырасла роля жанчын у грамадскім жыцці Беларусі, таксама у палітычным, у эканамічным.
Гэтыя змены заўважныя ў розных сферах: ад мастацтва – да палітыкі. Таксама, кажа Мікола Ваўранюк, змянілася і ўспрыняццё Беларусі ў свеце:
– Беларусь у свеце мела твар Лукашэнкі, вусатага дзядзькі, то з 2020 года вельмі часта Беларусь атаесамліваюць у свеце з жаночымі пратэстамі, з жанчынамі ў белым, з трыма жанчынамі, якія сталі тварамі гэтай рэвалюцыі. Так што безумоўна роля жанчын у Беларусі, па-мойму, вырасла і гэта заўважальна.
XXI Трыялог завяршыўся двума канцэртамі. Выступіла музыка з Падляшша Караліна Ціха з суполкай, і беларуская спявачка Shuma, якая цяпер жыве ў Кіеве.
Караліна Ціха.
Руся.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
