Міністр Андрэй Галіцкі наведаў беларускі ліцэй ў Бельску Падляшскім



Міністр адміністрацыі і цыфрызацыі наведаў беларускі ліцэй ў Бельску Падляшскім.

“Невыпадкова я падарыў міністру адміністрацыі і цыфрызацыі Андрэю Галіцкаму беларускамоўныя кніжкі выдадзеныя на Падляшшы”, – кажа Андрэй Сцепанюк, дырэктар ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, які наведаў міністр.

“Я падарыў беларускамоўнае Евангелле”, – кажа дырэктар Андрэй Сцепанюк:

Тут я падкрэсліў, што міністр у сваёй дзейнасці мае таксама абвяшчэнне ў гэтым годзе конкурсу на напісанне Гісторыі беларусаў Падляшша. Я нагадаў мінстру, хаця думаю, ён пра гэта ведае. Для нас, беларусаў Падляшша,  гэтая кніга будзе вельмі важная. 

Кніга “Гісторыя Беларусаў Падляшша” паслужыць таксама, як школьны дапаможнік.

“Падляшша гэта рэгіён, у якім шматкультурнасць сапраўды жывая, а нашым абавязкам, як ураду краіны з’яўляецца дапамагаць у яе падтрыманні”, – сказаў падчас сустрэчы з вучнямі ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім міністр адміністрацыі і цыфрызацыі Андрэй Галіцкі.

“Калі гаворка ідзе пра беларускую меншасць, ведаю шмат яе прадстаўнікоў”, – дадаў міністр:

 – Гэта было ў 80-ыя гады падчас дзейнасці ў Незалежным згуртаванні студэнтаў Варшаўскага універсітэту (НЗС). У філіі універсітэту ў Беластоку было вельмі моцнае асяроддзе Беларускага аб’яднання студэнтаў – і мы рабілі шмат агульных акцый не толькі тут, але і ў Варшаве. Гэта была вельмі моцная група, там быў Яўген Вапа. Памятаю са старэйшага пакалення Сакрата Яновіча.

Міністра прывіталі вучні на польскай ды беларускай мовах, падараваліі бел-чырвона-белыя кветкі. Школьны калектыў “Спадчына” праспяваў госцю беларускую песню.

 Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя