Міжнароднае свята вязання адзначылі на Падляшшы
Міжнароднае свята вязання на публіцы адзначылі на Падляшшы.
У мясцовасці Гарадок, што блізу беларуска-польскай мяжы, гаспадыні сабраліся каля будынка Гміннага цэнтра культуры, каб пахваліцца сваімі працамі, а таксама супольна правесці час. Яны прынеслі абрусы, вышытыя карціны, плеценыя дыванкі і шмат іншых ручных вырабаў, а таксама печыва ўласнай работы. Расказвае старшыня Групы гарадоцкіх гаспадынь Дарота Сульжык:
— Рукадзелле з году на год усё больш папулярнае і трэба паказаць, што і ў Гарадку і ў ваколіцах ёсць жанчыны, якія вяжуць кручком, на спіцах, што гэта не адмірае.
Марыя:
— Я паходжу з вёскі, з Краблякоў. Няма работы, стары чалавек — што рабіць? А гэта мне занятак, і дзень хутчэй мінае.
Ніна Супрыновіч, з Гарадка
— Гэта некалі рабілі на пасцель: устаўлялася ў коўдру, у рагі, а я ўсё гэта спалучыла і выйшла для мяне блузка.
Усе ўдзельніцы «Свята вязання ў Гарадку» атрымалі памятныя дыпломы. Арганізавалі ж супольнае вязанне – Група гарадоцкіх гаспадынь і клуб «Эўрыдыкі», якія працуюць пры Гмінным цэнтры культуры.
[Not a valid template]
Яна Запольская Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара