Музей памяці Сібіры ў Беластоку – сапраўднае ўшанаванне загінуўшых і рэпрэсаваных
У пятніцу ў Беластоку ўрачыста адкрыўся Музей памяці Сібіры, на падзею прыехалі і прэзідэнт краіны Анджэй Дуда і многія высокапастаўленыя і вядомыя асобы Польшчы. А ў выходныя экспазіцыя музея ўжо была адчынена для жыхароў і гасцей сталіцы Падляшскага ваяводства.
На брыфінгу, прысвечанаму адкрыццю новага і ўнікальнага музея прамаўлялі прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі, дырэктар музею Войцэх Сьлешыньскі, а таксама прадстаўнікі Звязу Сібіракаў Польшчы.
Тадэвуш Трускаляскі:
– Адкрылі мы музей памяці Сібіры, які мае на мэце ўшанаваць тых, хто цяжка цярпеў. Але з іншага боку гэта павінна быць і засцярогай таго, каб чалавек чалавеку ніколі больш не рабіў такога. Ва ўрачыстасцях удзельнічалі найвышэйшыя ўлады нашай краіны але перад усім хацеў быў аддаць пашану і выразы падзякі сібіракам, усім тым, хто прыехаў ў Беласток, частка іх прыехала з далёкага замежжа, нават прыехала асоба з Аргентыны. Радуюся, што тая ідэя, якая ўзнікла 10 ці 11 гадоў таму, сёння дайшла да свайго фіналу і ўвасаблення і што музей выклікае такія вялікія і пазітыўныя эмоцыі. Але радуюся таксама з таго, што столькі сібіракаў прыбыло і дачакалася гэтага. Я гэтай падзеі чакаў можа 10 ці 11 гадоў, а сібіракі чакалі гэтага музея ўсё жыццё, калі вярнуліся з Сібіры. Чакалі, калі паўстане такая пляцоўка, якая будзе расказваць пра тое, што яны там перацярпелі…
Старшыня Звязу Сібіракаў Кардыян Барэйка:
– Я вельмі моцна ўзрашаны гэтым адкрыццём музею. У гэтым вялікая заслуга прэзідэнта цудоўнага горада Беласток пана Трускаляскага…Мы, як асяродак сібіракаў вельмі ўдзячныя за такую падтрымку… Гэта справа для нашчадкаў, для маладога пакалення, каб наша моладзь ведала, што перажыло маё і старэйшае пакаленне ў час высылкі ў Сібір. Мы абавязаныя найперш сваім маці, толькі іх гарт духу і трываласць прывялі да таго, што мы зараз жывем…Я быў вывезены дзіцём, калі меў толькі 7 месяцаў. Уявіце сабе, што гэта была зіма, люты месяц. Як чуў я пазней з аповядаў, бальшыня малых дзяцей у такой сітуацыі ў дарозе проста паміралі… Я ўзрушаны тым, што тыя людзі, якія стварылі гэты музей, так шмат уклалі ў яго свайго сэрца. Для нас як сібіракаў гэта ёсць вялікім перажываннем…Гэта сапраўдны помнік для будучыні.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара
