На Гайнаўшчыне адкрылася Акадэмія рукадзелля



На Гайнаўшчыне адкрылася Акадэмія рукадзелля – „Этна інспірацы”. Праект прафінансаваны Нацыянальным цэнтрам культуры ў межах праграмы „Этна Польшча 2019”, яго рэалізуе Фонд „Яны – гэта мы” з Гайнаўкі. Цягам бліжэйшых трох месяцаў у гмінах Чыжы, Дубічы Царкоўныя і Гайнаўка адбудуцца майстар-класы па народнаму рукадзеллю.

Удзельнікі заняткаў пазнаёмяцца з тым, як паўстаюць народныя ўзоры па матывах мясцовага фальклору, даведаюцца пра іх сімвалічнае і абрадавае значэнне.

Першыя заняткі для дзетак і моладзі па вырабе аздобных кветак з каляровай паперы пачаліся ў вясковай святліцы ў Курашаве. Іх правяла народны майстар з Крывятыч, што на Бельшчыне, Вольга Несцярук:

– Калісьці самі рабілі, бо трэба было і хаты ўпрыгожыць і ў царкву на букеты. Я памятаю, як такія кветкі рабілі яшчэ на пачатку 60-х гадоў.

Акадэмія рукадзелля ў вясковай святліцы ў Курашаве будзе доўжыцца да канца ліпеня. На гэтым тыдні яе ўдзельнікі будуць вучыцца разбярству па дрэве са скульптарам Уладзімірам Наўмюком.

Беларускае Радыё Рацыя