На Гайнаўшчыне развітваюцца з Уладзімірам Сідаруком



У Чаромсе, што на Гайнаўшчыне, адбудзецца сёння (29 чэрвеня) развітанне з Уладзімірам Сідаруком, шматгадовым карэспандэнтам тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Звыш шасці дзясяткаў гадоў пісаў ён пра праблемы і радасці жыхароў яго роднай Кузавы, Чаромхі ды наогул Гайнаўшчыны. “Ён быў чалавекам з прыродным пачуццём справядлівасці,” – узгадвае паэтэса і журналістка “Нівы” – Міраслава Лукша.

– Калі пазнаёмілася з ім у “Ніве” – гэта проста наш сябра. Прыемны чалавек з выгляду, але вельмі такі заядлы, калі крытыкаваў. Крытыкаваў розныя ўстановы, розныя такія няправільныя факты і з’явы. І незалежна з кім ён змагаўся. Ці гэта быў чыноўнік, ці нейкі такі, ну неразумны чалавек, які шмат прыносіў камусьці шкоды. І тады ў той час крытыка сапраўды дапамагала.

Уладзімір Сідарук памёр 26 чэрвеня на 82 годзе жыцця. Развітанне з шматгадовым карэспандэнтам тыднёвіка “Ніва” адбудзецца сёння а 8-й гадзіне ў царкве ў Чаромсе.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя