На Гарадзеншчыне 4774 хворых на COVID-19, на Беласточчыне – 474



Паводле дадзеных на 1 чэрвеня, на Гарадзеншчыне выяўлены 4 774 выпадкі захворвання на COVID-19. Гэта 11 працэнтаў усіх інфікаваных у Беларусі. На Падляшшы ад пачатку пандэміі, паводле дадзеных на 4 чэрвеня, выяўлены 474 выпадкі інфікаваных COVID-19. Падляшша і Гарадзеншчына блізкія па колькасці насельніцтва. Чаму такая розніца ў колькасці хворых? Каментуе кіраўнік аддзела эпідэміялогіі ваяводскай эпідэміялагічнай станцыі ў Беластоку лекар Івона Сянкевіч:

– Таму што была хуткая рэакцыя нашага ўрада, які, згодна з эпідэміялагічнай сітуацыяй, заканадаўча увёў шэраг абмежаванняў і мер. Акрамя таго вельмі добра было патлумачана ў медыях, што гэта такое і чаму вельмі важна прытрымлівацца гэтых абмежаванняў.

На 4 чэрвеня ў Беларусі агулам 45 981 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, 253 памерлі. У Польшчы агулам 24 826 інфікаваных COVID-19, 1117 памерлі. Варта адзначыць, што ў Беларусі на мільён жыхароў прыпадае 61 тысяча 915 тэстаў, у Польшчы на мільён жыхароў 26 тысяч 331 тэст.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя