На Падляшшы створаць новыя рынкі



Амаль 3,5 млн злотых пойдуць у чатыры падляшскія гміны для фінансавання будаўніцтва і абнаўлення мясцовых гандлёвых пляцовак. Грошы паступаюць з фондаў ЕЗ. У аўторак (21.07) маршалак Артур Касіцкі і член праўлення Марэк Маліноўскі падпісалі першыя два кантракты з гмінамі Тыкоціна і Кольна, паведамляе wrotapodlasia.pl.

Гарадскія рынкі павінны садзейнічаць непасрэднаму продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і рамесніцтва, а значыць, павелічэнню іх продажу. Яны таксама значна скарачаюць ланцужок пасярэднікаў паміж вытворцам і спажыўцом, што робіць прапанову прывабнай па кошце.

– Мы хочам развіваць мясцовае прадпрымальніцтва і падтрымліваць дробных вытворцаў з нашага рэгіёна. Мы ведаем, што гандлёвыя пляцоўкі – вельмі добрае месца для гэтага, – падкрэсліў Артур Касіцкі. – Гэта таксама спосаб прасоўвання рэгіянальнай прадукцыі, якой славіцца Падляшскае ваяводства.

Гміна Тыкоцін атрымала грант на суму 1 млн злотых на інвестыцыі. Дзякуючы гэтым сродкам, па адрасе вул. Кляшторная, будзе рынак і аўтастаянка з неабходнай інфраструктурай. Як запэўнівае бургамістр Марыюш Дудзіньскі, мяркуецца, што гэта мае быць атмасфернае месца, якое адпавядае характару горада.

Рынак у Тыкоціне не будзе тыповым базарам: з’явяцца зялёныя зоны, месцы для адпачынку і гульняў для самых маленькіх.

Гміна Кольна будзе рэалізоўваць праект пад назвай „Будаўніцтва рынка ў Лахове”, пад які  атрымае 673,9 тысячы злотых.

Боцькі і Mонькі – чарговыя з чатырох гмін, якія атрымалі фінансаванне. У Боцьках пры супсідыі 809 тысяч злотых будуць будаваць мясцовы прадуктовы цэнтр. Амаль 1 мільён злотых пойдзе ў гміну Монькі. Дзякуючы фінансаванню, паўстане рынак па адрасе вул. Колеёва.

Фота: wrotapodlasia.pl