На Падляшшы вучні збіралі тапонімы



156 тапонімаў – толькі мясцовых назваў сабрала моладзь з Пачатковай школы з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Орлі. Праца вялася пад кіраўніцтвам настаўнікаў з Фонду ЭДМ у чатырох арлянскіх вёсках – Рудутах, Спічках, Шэрнях і Тапчыкалах.

“Мясцовыя назвы адыходзяць разам з жыхарамі – тое што нам удалося сабраць, мы запісалі ды стварылі адмысловыя мапы,”  – кажа ўдзельніца праекту Аляксандра Рогоза:

– Мы ездзілі па вёсках, па людзях і распытвалі пра назвы, пра тапонімы. Затым мы наносілі іх на мапу. А яшчэ запісвалі на дыктафон вымаўленне тых тапонімаў, каб ведаць як іх прамаўляць. Чаркувшчына, Ошыкава дарога. Шмат было назваў з “ш-ч”.

Сябры Фонду ЭДМ будуць намагацца, каб райцы Арлянскай гміны прынялі адпаведняе рашэнне аб гэтых назвах ды звярнуліся ў Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, каб мясцовыя тапонімы знайшліся на мапе.

Дзесяць гадоў таму на мапы трапілі тапонімы вёскі Кашэлі.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара