На Падляшшы затрымалі 71 мігранта з Беларусі



Як паведамляе Памежная служба Польшчы, затрыманыя не мелі пры сабе пасведчанняў асобы. Усе яны (23 мужчыны, 15 жанчын і 33 непаўнагодвых), праўдападобна, з’яўляюцца грамадзянамі Аўганістану, адзначаецца ў паведамленні. Пасля выканання дзеянняў паводле інструкцыі ў прысутнасці перакладніка мігрантаў адправілі ў ахоўныя цэнтры для іншаземцаў.

З пачатку году супрацоўнікі Падляскай памежнай службы затрымалі блізу чатырох соцен нелегальных мігрантаў з Беларусі. Для параўнання — за першыя шэсць месяцаў 2020 году агулам на ўсім адрэзку, які ахоўвае Падляскі аддзел (мяжа з Літвой і Беларуссю), затрымалі 24 мігрантаў.

Пры гэтым сітуацыя ў Польшчы з нерэгулярнымі мігрантамі з Беларусі менш напружаная, чым у Летуве. У Летуву з Польшчы на дапамогу ў памежным кантролі адправілі патрульны гелікоптэр.

Беларускае Радыё Рацыя