Праца сайта Беларускага Радыё Рацыя аднавілася пасля DDoS-атакі



У сераду, 24 чэрвеня, практычна цягам усяго дня не было доступу да сайта Беларускага Радыё Рацыя.

Нашыя супрацоўнікі таксама не мелі доступу і да яго сістэмы адміністравання. На працягу ўсяго дня падчас спробы зайсці на інфармацыйны рэсурс racyja.com у браўзеры з’яўлялася паведамленне “error 521”. Гэтая памылка ўзнікае, калі вэб-сервер раптоўна губляе сувязь з сэрвісам CloudFlare. Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюць гэты сэрвіс для дадатковай абароны ад DDoS-атак і паскарэння ладавання кантэнту сваіх сайтаў.

DDos-атака здзяйсняецца звычайна з дапамогай бот-сеціва, якое няспынна генеруе вялікую колькасць пакетаў альбо запытаў на мэтавую сістэму, якая ў выніку перагружаецца.

Управа Беларускага Радыё Рацыя інфармуе, што праца сайта адноўлена пасля DDoS-атакі. Аднак цягам двух дзёнь у працы сайта могуць быць тэхнічныя збоі.

Беларускае Радыё Рацыя