На Сакольшчыне просяць змяніць маршрут дарогі S19, якая будуецца



Траса новай хуткаснай дарогі S19 для жыхароў Сакольскіх гмінаў – непрымальная. Мясцовыя самаўрадаўцы намагаюцца, каб дарога вяла ад мяжы з Беларуссю ў Кузніцы – да Беластока. Так, як выглядае цяперашні маршрут  дарогі №19.

Аднак паводле планаў, дарога мае ісці праз Кнышын і Карыцін, абмінаючы Кнышынскую пушчу. Такая траса, на думку бурмістра Саколкі Эвы Кулікоўскай, не развяжа праблемаў дарожнага руху на Сакольшчыне:

– Мушу толькі нагадаць, што праз Саколку штодзень праязджае 14,5 тысяч аўтамабіляў. А Беларусь у другой палове гэтага года адкрывае свае шырокія, чатырохпалосныя аўтадарогі. І я маю пытанне: як мы дадзім рады з такім рухам? Звяртаемся да пасярэдніцтва грамадства, таксама да ўрада Рэспублікі Польшча, каб ён прыняў пэўныя захады і змяніў маршрут аўтатрасы №19.

У планах дарога №19 мае вясці ад мяжы ваяводства праз Бельск Падляшскі, Беласток, Кнышын, Карыцін і да мяжы дзяржавы ў Кузніцы Беластоцкай. Гэта на 40 кіламетраў больш, чым цяпер, калі дарога DK19 вядзе ў Кузніцу праз Беласток, Чорную Беластоцкую і Саколку.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя