Ля пункта пропуску „Мядзінінкай” адбылася сутычка паміж кіроўцамі і дэманстрантамі (абноўлена)



23-і дзень стаіць намётавы летнік на памежным пункце пропуску Мядзінінкай, дзе актывісты беларускай дыяспары працягваюць з дазволу мясцовых уладаў блакаваць рух, патрабуючы ад беларускіх уладаў у тым ліку вызвалення палітвязняў і адкрыцця наземных межаў. Бальшыня кіроўцаў велікагрузаў  з разуменнем ставяцца да акцыі беларусаў, але былі і такія, хто паводзілі сябе агрэсіўна, распавёў адзін з каардынатараў акцыі Віталь Алейнік.

– Адзін з кіроўцаў дзейнічаў вельмі агрэсіўна. Ён пачаў нават наязджаць на фуры на ланцуг людзей, якія перакрывалі дарогу. Але скажу, што людзі не здаліся, людзі стаялі, як казаў паэт, “снапамі на таках”. Не далі рухацца фуры. Канешне, яна магла перадушыць людзей, але людзі ўсё роўна стаялі. І некаторыя ўжо пачалі класціся на дарогу. Тут падаспела паліцыя і трошкі суцішыла пыл нахабнага кіроўцы. І людзі працягвалі яго трымаць яшчэ пэўны час.

Падчас канфлікту мужчына 1964 года нараджэння ў стане алкагалёвага ап’янення ўдарыў жанчыну 2000 года нараджэння па твары. Жанчыне давялося звярнуцца па медыцынскую дапамогу. У крыві мужчыны было выяўлена больш за 1,3 праміле алкаголю. Падазроны быў затрыманы. Паліцыя пачала расследаванне інцыдэнту.

Цалкам размова:

***

Каля пункта пропуску „Мядзінінкай” на літоўска-беларускай мяжы 26 чэрвеня адбылася сутычка паміж кіроўцамі фур і дэманстрантамі, якія блакавалі дарогу. Адзін з расейскіх кіроўцаў нават паспрабаваў наехаць на групу пратэстуючых. Абышлося без пацярпелых, але на месца была выкліканая паліцыя.

Акцыя была ўзгоднена з літоўскімі ўладамі з 13:00 да 15:00.

Пачаць дэманстрацыі ля межаў з Беларуссю ў пачатку чэрвеня заклікаў адзін з лідараў беларускай апазіцыі Павел Латушка. Ад кіраўніцтва Беларусі пратэстоўцы патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў і адкрыцця наземных межаў для грамадзян.

* * * 

Амаль тры тыдні стаіць намётавы гарадок беларускіх пратэстоўцаў ля памежнага пераходу „Мядзінінкай” у Летуве. Як нам паведамілі каардынатары акцыі, у суботу 26 чэрвеня ўдзельнікі пікету зноў вернуцца да перакрыцця руху. Гэты крок узгоднены ў уладамі на перыяд з 13-00 да 15-00 паводле віленскага часу. Пратэстоўцы па-ранейшаму патрабуюць ад уладаў Беларусі  адкрыцця наземных межаў, вызвалення палітвязняў і свабодных выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя