Басовішча – 2018. Дзень другі (абноўлена)



Заключны сэт ад гурта B:N:. Рок-гурт заснаваны ў 1999 у Бярозе, што на Берасцейшчыне. Музыку для гурту піша гітарыст ды спявак Алесь Лютыч. Пераможца фэсту „Рок-Кола-2001” у намінацыі „Найлепшая лірычная песня”, лаўрэат фестывалю „Басовішча-2002”.

Наступны сэт за гуртом The Glitchhh (Менск). Гурт заснаваны ў 2013 годзе Яўгенам Зыковічам. У 2015-м годзе да гурту далучыўся басіст Ігар Латушка, з якім сфармалася гучанне каманды. Выдалі EP “I’m A Great Song” (2015) і дэбютны альбом “Cordyceps” (2017), у якім паўдзельнічалі вакалісты гуртоў Plumbum, Tok Rukoo, Ilo&Friends, Zolki Band. Фіналісты конкурснай праграмы “Басовішча-2016”. 

Наступны хэдлайнер. «Neuro Dubel» — адзін з «патрыярхаў» беларускага року. Быў заснаваны ў 1989 годзе Аляксандрам Кулінковічам. Стыль гурта — панк-рок. Тым не менш, гурт выкарыстоўвае некалькі стыляў — ад рэгі і блюзу да хардкору. Можа быць, менавіта гэта акалічнасць разам з мацнейшай канцэртнай энергетыкай і «нервовымі», па меркаванні журналістаў, тэкстамі стала прычынай таго, што гурт заваяваў любоў слухачоў.

Пачынаюцца сэты хэдлайнераў. Першым пачынае свой выступ гурт „Крамбамбуля”. Гэта беларускі гурт, які выконвае музыку ў змяшаным стылі пад уплывам року ды поп-фольку. Заснаваны ў 2001 годзе Лявонам Вольскім ды музыкамі гурту Hasta la Fillsta. У 2005 годзе ў «Кліп-марафоне» песня «Турысты» перамагла ў намінацыі «Анімацыйныя кліпы», а «Абсэнт» — у намінацыі «Лірыка». У 2010 склад гурту цалкам абноўлены (ад першага складу застаўся толькі Лявон Вольскі). 

Прыемная, жывая, энэргетычная музыка – такую характарыстыку можам прачытаць у Інтэрнэце пра чарговы гурт, які выступіць на фестывалі. Але навошта чытаць? Лепш паслухаць і пабачыць. Monroe’s Mysterious Death.

Чарговы сэт за гуртом Teleport. Гурт заснавалі ў Менску ў 2012 годзе Яўген Цярэнцьеў i Максiм Мацэвiч. У 2015 годзе прадставілі на Tuzin.fm дэбютны EP „Leta” і далі першы публічны канцэрт. Teleport — пераможца «Басовішча-2017».

Наступны сэт за гуртом Ostrov з Беластока з вакалістам Андрэям Паплаўскім. Музычны стыль гурта можна акрэсліць як хард-рок з элементамі металу і панка.

Традыцыйна канцэрт другога дня „Басовішча” пачынаецца з выступу каманды, якая перамагла ў конкурсе маладых гуртоў. Сёлета лаўрэатам стаў гурт SnopSnoŭ. Ён заявіў пра сябе ў 2016-м, калі выдаў дэбютны альбом «Танцпляц», трапіў у фінал конкурсу «Засьпявай 3.0» і быў названы ў ліку галоўных адкрыццяў у беларускай незалежнай музыцы. Іх музыка — наўмысна манатонная і халодная, тэксты ўдумлівыя і змрочныя, а свой новы EP яны запісалі пад уражаннем ад шпіёнскіх гісторыяў.

Працягваецца фестываль „Басовішча”. Канцэрты адбываюцца не толькі на галоўнай сцэне. Выступае BŁĘKITNY NOSOROŻEC.

Неўзабаве пачнецца другі канцэртны вечар фестывалю “Басовішча-2018”. Традыцыйна яго адкрые сваім выступам пераможца конкурсу маладых выканаўцаў. Сёлета ім стаў гурт “Snop Snoŭ”, які выступіць у 18:30. Барык пачынае запаўняцца людзьмі. На фестываль таксама ўжо прыехаў Лявон Вольскі з гуртом «Крамбамбуля»: — Найстарэйшы беларускі фестываль модна сказаць. Ніводзін беларускі музычны фестываль не вытрываў столькі часу як «Басовішча». 28 гадоў —нейкая страшная лічба. Частка жыцця. Я на некалькіх не быў, але звычайны гэта летні фестываль, да якога рыхтуешся і едзеш на яго. Мы будзем даваць зарад сваёй энергіі: вясёлай, досыць станоўчай, крамбамбульнай. А публіка не ведаю як будзе. Учора было шмат людзей, а сёння паглядзім. „

Крамбамбуля выступіць а 22-й гадзіне. Да пачатку фестывалю засталося крыху часу, таму варта паглядзець выставу плакатаў, якія ў розныя гады рабіліся для «Басовішча».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Максіма Хлябца і Улі Шубзды