Ната Макарцова: Нас Расея восем гадоў загартоўвала да гэтай вайны



На сувязі з Радыё Рацыя – Львоў. Наша суразмоўца – Ната Макарцова, у 2014 годзе яна пераехала сюды з Севастопаля. Да вайны была дызайнерам, а зараз займаецца валанцёрскай дзейнасцю.

На фота: Людзі чакаюць аўтобуса са Львова ў Польшчу (аўтарскае права Bernat Armangue/AP)

РР: Як жыве гэтыя сем дзён Львоў?

Ната Макарцова: Львоў зараз гуртуецца, усе штосьці робяць, ніхто не здаецца. Буду гаварыць за сябе – прайшоў шок і я ўключылася ў працу. Перагрупоўваю сёння гуманітарную дапамогу. Сустракаю людзей з вакзалу. Так патрошку кожны, што можа, тое робіць.

РР: Ці гучаць сірэны ў Львове? Як людзі сябе паводзяць? Ці ёсць пагроза гораду?

Ната Макарцова: Такой вялікай пагрозы не вельмі адчуваецца. Людзі даволі мужна сябе паводзяць. Тыя, хто вельмі баіцца, пераходзяць мяжу, а большасць застаецца тут жыць. Як выйдзеш у горад, то бачыш, як людзі кудысьці едуць, штосьці нясуць. Нельга сказаць, што людзі пахаваліся і нікога няма. Жыццё працягваецца ў горадзе. Асабліва ў цэнтры горада. Сірэны ў горадзе гучаць, асабліва зранку. Але мы ўсе падрыхтаваныя да гэтага.

РР: Напэўна Львоў сутыкнуўся з тым, што вельмі багата  ўкраінцаў прыязджаюць з усходніх частак краіны. Ужо паведамляецца, што каля паўмільёна чалавек перайшлі на тэрыторыю Польшчы. І найважнейшае зараз у Львове – гэта дапамагаць бежанцам.

Ната Макарцова: Па-першае, у нас ужо ёсць досвед 2014 года, калі я пераязджала сюды. Калі паехаў Данецк, Крым. У Львова ўжо ёсць досвед,, як прымаць бежанцаў. Зараз вельмі багата пунктаў прыёму гуманітарнай дапамогі. Людзі ўжо маюць досвед, як прымаць бежанцаў, што рабіць. Нас Расея загартоўвала восем гадоў для гэтай вайны.  

РР: Трымайцеся! І памятайце, што беларусы на баку ўкраінцаў. Беларусы – гэта не лукашэнкаўская ўлада.

Ната Макарцова: Мы ўсе ведаем, што большасць беларусаў – гэта закладнікі рэжыму. Але ёсць тыя, хто вырваўся адтуль і зараз дапамагае Украіне. Слава Украіне!

РР: Героям слава! Смерць ворагам!

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя