«Нацыянальнае чытанне»: драма Юльюша Славацкага “Баладына”



5 верасня ў Польшчы і па ўсім свеце пройдзе акцыя «Нацыянальнае чытанне» («Narodowe Czytanie»). Чарговы раз да акцыі далучаецца і Польскі Інстытут у Менску. Сёлета ў рамках “Нацыянальнага чытання” прагучыць перліна польскага рамантызму – драма Юльюша Славацкага “Баладына”.

На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў наша свята польскай літаратуры. Нам давялося змяніць фармат мерапрыемства і значна абмежаваць колькасць удзельнікаў. Сардэчна запрашаем да прагляду адмыслова створанага паводле драмы Юльюша Славацкага “Баладына” фільма, у якім тэатралізаваныя фрагменты перамяжоўваюцца з чытаннем.  У чытанні ўзялі ўдзел супрацоўнікі Пасольства Польшчы ў Беларусі і Польскага Інстытута, прадстаўнікі беларускага культурнага і навуковага асяроддзя, а таксама выкладчыкі польскай мовы і вучні.

Прэм’ера фільма анлайн адбудзецца 5 верасня а 15-ай гадзіне на канале YouTube і старонцы ў Facebook.

УВАГА! Мы ведаем таксама, што кожны год многія нашы сябры, партнёры і прыхільнікі з радасцю прымаюць удзел у “Нацыянальным чытанні”, таму запрашаем усіх ахвочых запісаць свае версіі ўлюбёных фрагментаў з “Баладыны” Юльюша Славацкага і выкласці іх 5 верасня ў сацыяльныя сеткі з хаштэгам #BalladynaBY.