Названыя пераможцы літконкурса „Дэбют”



У Беластоку ўзнагародзілі лаўрэатаў XХІ Агульнапольскага конкурса беларускай паэзіі і прозы „Дэбют”. У ім узялі ўдзел паўсотні літаратараў-пачаткоўцаў з усёй Польшчы.

Падчас мерапрыемства былі зачытаныя самыя лепшыя творы. Вынікі конкурса рассакрэціў галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” Яўген Вапа:

– Ужо 21 раз „Дэбют паказаў”, што на Беласточчыне пісанае слова на роднай мове не занікае.

Пераможца конкурса Дарыюш Жукоўскі:

– Я думаю, што гэты конкурс патрэбны ўсім. Не толькі нам патрэбны, людзям, якія чытаюць, якія пішуць, але і тым, якія не чытаюць і не пішуць.

Старшыня „Саюза беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч:

– Не перастаю здзіўляцца наколькі шчодрая беларуская зямля на таленты. Вельмі рады, што тут так шмат людзей памятаюць пра свае карані, не забываюць пра родную мову, захоўваюць скарбы, якія пакінулі ім бацькі, дзяды і бабулі. Гэта вельмі добра, што тут жыве беларуская мова.

Падчас мерапрыемства выступілі бард Алесь Камоцкі і пісьменнік Зміцер Бартосік.

Арганізатарам Агульнапольскага конкурса беларускай паэзіі і прозы „Дэбют” з’яўляецца Тыднёвік Беларусаў у Польшчы „Ніва”. На яго старонках будуць надрукаваныя творы ўдзельнікаў конкурсу.