Нелегальныя цыгарэты ў грузавіку з брыкетам



Супрацоўнікі Нацыянальнай адміністрацыі даходаў (KAS) з памежнага пераходу ў Кузніцы прадухілілі кантрабанду 30 тысяч пачак нелегальных цыгарэт з Беларусі. Кантрабанда амаль на 500 тысяч злотых была схаваная ў грузавіку з брыкетам.

Зараз кіроўца грузавіка будзе прыцягнуты да адказнасці за кантрабанду, – кажа прэс-сакратар падляшскіх мытнікаў Радаслаў Ганцэвіч:

– Супрацоўнікі KAS у Кузніцы агледзелі грузавік, які перавозіў груз брыкету з Беларусі. Грузавік, якім кіраваў 31-гадовы беларус, прайшоў праверку на рэнтгенаўскім сканеры. Падчас праверкі высветлілася, што кантрабандныя цыгарэты былі схаваныя ў некаторых паддонах з брыкетам. Усяго было выяўлена амаль 30 тысяч пачак беларускіх цыгарэт ацэначным рынкавым коштам амаль 500 000 тыс. злотых.

Як адзначыў Радаслаў Ганцэвіч, супрацоўнікі KAS распачалі крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы грузавіка. Мужчына ўжо пачуў абвінавачванні ў кантрабандзе цыгарэт. Яму пагражае вялікі штраф і нават пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: podlaskie.kas.gov.pl