“Несмяротны полк” у Кіеве: металашукальнікі, фальшывыя “ветэраны” і альтэрнатыўная акцыя



У Кіеве прайшло шэсце “Несмяротны полк”, а таксама альтэрнатыўная шэсцю акцыя. Ніякіх правакацый, а таксама парушэнняў грамадзянскай бяспекі паліцыя ўкраінскай сталіцы не зафіксавала.

Шэсце адбывалася ў цэнтры Кіева па звыкламу сцэнару: з партрэтамі загіблых у Другой сусветнай вайне, духавымі аркестрамі і традыцыйнымі лозунгамі “Ніхто не забыты – нішто не забытае”. Удзельнікі ў абавязковым парадку праходзілі праз рамкі металашукальнікаў, і гэта не выклікала ніякіх пратэстаў.

Паперадзе калоны ішлі ветэраны, прытым шмат хто – у параднай вайсковай форме і з дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР. Аднак нават па фотаздымках і відэакадрах відно, што большасць тых “ветэранаў” – не старэйшая за восемдзесят – восемдзесят пяць гадоў, то бок браць удзел у “Вялікай Айчыннай” яны не маглі па вызначэнні.

Адначасова з шэсцем прайшла і альтэрнатыўная акцыя, удзельнікі якой нагадалі пра расейскую агрэсію і маштабныя фальсіфікацыі гісторыі Другой сусветнай вайны.

Паводле інфармацыі Міністэрства Унутраных спраў Украіны, у акцыі “Несмяротны полк” узялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: рэсурс «Цензор. нет»