Новую трасу да Беластока будуць рабіць па старой дарозе



Завяршыўшы будаўніцтва аўтастрады Беласток – Варшава, палякі пераходзяць да наступнага этапу, доўгачаканага для шмат каго з гарадзенцаў: рамонт дарогі Беласток – Саколка – мяжа Беларусі (Кузніца).

Міністр інфраструктуры Польшчы зацвердзіў праект трасы, якая пройдзе па старой існуючай дарозе. Трэба адзначыць, што дамагчыся гэтага было няпроста.

Мадэрнізацыя дарог у Польшчы, распачатая некалькі гадоў таму, прадугледжвала, што абноўленая дарога Беласток – Саколка з мэтай захавання ляснога экаландшафта павінна пайсці ў аб’езд Пушчы, што прывяло б да павелічэння працягласці трасы на 30 км, паведамляе euroby.info.

Міністр Польшчы пад ціскам шматлікіх патрабаванняў грамадскіх арганізацый падпісаў рашэнне аб тым, што траса S19 павінна пралягаць па старой дарозе. Фактычна гэта азначае зялёнае святло для пошуку падрадчыкаў на будаўніцтва хуткаснай двухпалоснай экспрэс-трасы. Мяркуецца, што сёлета будзе абраная фірма, якая зоймецца абнаўленнем 62,5 км дарогі.