Нумізматычны скарб на беларуска-польскай мяжы



Кантрабанду царскіх манет васямнаццатага стагоддзя спынілі на пераходзе ў Палоўцах – Пяшчатцы польскія мытнікі. Манеты хацеў правезці ў Польшчу 43-гадовы  грамадзянін Беларусі. Супрацоўнікі мытні знайшлі ў яго машыне сховішча над коламі і ў падлозе багажніка.

Аказалася, што ўнутры знаходзіліся 680 манетаў наміналам 5 капеек. Як кажа Мацей Чарнэцкі з прэ-службы Беластоцкай казначэйскай адміністрацыі, эксперты па археалогіі і нумізматыцы пацвердзілі высокую вартасць манет:

– Манеты часоў праўлення Кацярыны ІІ – гэта антыкварныя прадметы высокай гістарычнай каштоўнасці. Іх рынкавая цана вагаецца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень злотых. Адзінкавыя, найбольш добра захаваныя экзэмпляры, ацэнены спецыялістамі нават больш чым у дзве тысячы злотых.

Спачатку мужчына гаварыў, што не ведае нічога пра схаваныя ў яго машыне манеты. Потым, аднак, прызнаў сваю віну. Беластоцкія функцыянеры пачалі супраць беларуса справу, а манеты канфіскавалі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота podlaskie.kas.gov.p