Нямецкія неанацысты накіраваліся на мяжу з Польшчай, каб спыняць мігрантаў з Беларусі



Паліцыя ФРГ правяла ў ноч на нядзелю аперацыю супраць правых экстрэмістаў, якія накіраваліся на мяжу з Польшчай нібыта перашкаджаць нелегальнай міграцыі. Пра гэта паведамілі журналістам у праваахоўных органах Нямеччыны.

Праваахоўнікі спынілі непадалёк ад мяжы ў раёне гораду Губэн (федэральная зямля Брандэнбург) і дагледзелі групу агульнай колькасцю каля 50 чалавек з ліку прыхільнікаў праваэкстрэмісцскай арганізацыі «Трэці шлях», якая раней заклікала «арганізоўвацца» з мэтай не дапусціць прыбыцця  нелегальных мігрантаў з Польшчы праз Беларусь. Пра гэта інфармуе ТАСС.

Падчас надгляду ў неанацыстаў былі выяўленыя балончыкі з пярцовым газам, мачэтэ, дубінкі і нават штых. Большая частка спыненых асоб жыве ў найбліжэйшых ваколіцах, некаторыя, аднак, прыбылі з іншых рэгіёнаў Нямеччыны. Як адзначылі ў паліцыі, праваахоўныя органы працягнуць рэйды з мэтай недапушчэння якіх-небудзь дзеянняў з боку правых радыкалаў супраць мігрантаў.

У цэнтры Губэну ў суботу таксама прайшла акцыя ў падтрымку бежанцаў, у якой прынялі ўдзел каля 120 чалавек, піша агенцтва DPA.

Фота: apa.az