Нюансы перасячэння беларускай мяжы



Калі казаць пра ўезд з Польшчы ў Беларусь, то тут абмежаванняў для грамадзян Беларусі няма. Прыязджайце, колькі хочаце. Для іншаземцаў пакуль нашыя граніцы зачыненыя. Абяцаюць, што часова. Затое калі казаць пра выезд з Беларусі ў Польшчу, тут ужо шмат нюансаў. І кожны раз іх трэба спраўджаць, бо правілы «гульні» пастаянна змяняюцца. Польскі бок гэтыя «правілы» крыху спрасціў. Да прыкладу, пры ўездзе ў краіну цяпер больш шанцаў пазбегнуць абавязковага 10-дзённага каранціну. Дзеля гэтага можна зрабіць тэст ПЦР на кавід за 48 гадзін да перасячэння граніцы і ў той жа Гародні гэта цяпер не праблема. Плаціш каля сарака рублёў, здаеш тэст, і на наступны дзень атрымліваеш вынік. Таксама ад каранціну вызваляюцца тыя, хто ўжо вакцынаваны ад кавіду і тыя, хто мае польскае грамадзянства, калі ўязджае ў краіну прыватным транспартам, не грамадскім. Але праблема ў тым, што калі вы і можаце ўехаць у Польшчу і нават пазбегнуць каранціну, то вы ня можаце выехаць з Беларусі – тут надалей даволі шчыльныя абмежаванні. Адзінае цалкам адкрытае акно ў Еўропу і свет – гэта аэрапорт. Лятайце пакуль куды можаце. З націскам на «пакуль». Найбольш абуральна выглядае тое, што нават калі вы працуеце ці вучыцеся ў Польшчы, то выехаць праз наземныя пункты пропуску з Беларусі вы можаце толькі раз на паўгода. Вось працуючы ў Саколцы гарадзенец цяпер нашмат радзей зможа пабачыць сваю сям’ю, і каму ад гэтага якая выгада? А калі нехта ўжо вельмі захоча, то і самалётам паляціць, дык навошта гэтае абмежаванне? Адна толькі шкода людзям. Што яшчэ цікава. На ўездзе ў Беларусь, акрамя паперчыны пра абавязковую самаізаляцыю, даюць цяпер запоўніць яшчэ адну – скуль едзеце, дзе працуеце, дзе вучыцеся. Ніяк не магу зразумець, што гэта такое? Нейкае сацыялагічнае апытанне? У якіх мэтах пазней гэтыя звесткі будуць выкарыстоўвацца – невядома, таму па звычцы стаўлю насупраць такіх пытанняў прочаркі. У рэшце рэшт, гэта мая прыватная справа, чым я займаюся ў Польшчы. Можа сяджу на шыі багатага мужа. І што? Маю права. Перасякаючы час ад часу беларуска-польскую граніцу, прыходжу да высновы, што ў прынцыпе магу пагадзіцца ўжо з усім, тым больш за апошні амаль год і роварам даводзілася ехаць, калі маршрутак не было, і на каранцінах сядзець, і запаўняюць дурныя паперчыны. На гэтым этапе спадзяюся толькі на тое, што гэтае няшчаснае «вакно ў Еўропу» канчаткова не зачыняць. А то прыйдзецца з Беластоку ў Гародню, а гэта раптам 80 кіламетраў, ці то праз Менск, ці то ў горшым варыянце развіцця падзей – праз Маскву – дабірацца. І хоць спосаб даехаць да роднай хаты нейкі знайду, затое логікі ва ўсім гэтым ужо даўно не шукаю.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: rgazeta.by