Орля далучылася да ідэі турыстычных значкоў
Орля далучылася да міжнароднай турыстычна-калекцыянерскай ідэі турыстычных значкоў. Фанаты адмысловых турыстычных значкоў — драўляных кружкоў з выявамі цікавых аб’ектаў ды месцаў — пры нагодзе наведвання Орлі, што на Падляшшы, змогуць набыць такія значкі. На іх адзначаныя два аб’екты: Царква святога Міхаіла Арханёла і сінагога – кажа войт Арлянскай гміны Пётр Сэльвэсюк:
— Прыязджаюць людзі адмыслова па гэтыя значкі і магчыма, каб не гэтыя значкі, дык яны б у Орлю ў сінагогу ці ў царкву ніколі і не прыехалі б. Калі гэта сапраўды паспрыяе ўзросту колькасці турыстаў і наведванняў, можна будзе падумаць пра выраб такіх значкоў і для іншых мясцовасцяў, бо гміна Орля гэта не толькі сама Орля.
Турыстычныя значкі можна набыць у Гмінным асяродку культуры ў Орлі. Усе 466 месцаў у Польшчы, якія адзначаны такім чынам — знойдзем на адмысловым інтэрнэт-сайце. Падобныя значкі выпускаюць у 20-ці краінах свету. Напрыклад, Украіна мае 287 турыстычных значкоў, Расея – 103, Беларусь — яшчэ не далучылася.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара