«Па-просту»



«Па-просту» – прэзентацыя артыстычнай кніжачкі для дзяцей і адкрыццё аднайменнай выставы прайшлі ў Ваяводскім асяродку культуры ў Беластоку. Малодшыя наведнікі мерапрыемства малявалі і выразалі карцінкі са словамі «талерка», «ганавіцы» ці «курыца», старэйшыя глядзелі адмысловыя графічныя плакаты. Публікацыя прысвечаная падляшскай гаворцы з-пад Дубровы Беластоцкай і Саколкі, распавяла аўтарка выдання Моніка Гадлеўская:

– Прэзентуючы гэты праект, бачу, што моцныя карані гэтых тэрыторый – беларускія. Таму і назвалі так праект. Маю знаёмых у розных кутках краіны. Хачу, каб ведалі, адкуль паходзіць такая гаворка. Спачатку гэта была проста цікавостка. Шчыра кажучы, не разумела ўсіх словаў, але цікавілася іх значэннем. І надалей хачу навучыцца гэтым выразам, вывучыць гэтую мову. Ведаю, што не так гэта лёгка будзе, але такое маё заданне на бліжэйшы час.

Кніжка «Па-просту» пабачыла свет дзякуючы артыстычнай стыпендыі маршалка Падляшскага ваяводства. Артыстычна-адукацыйнае выданне для дзетак можна замовіць у аўтаркі, падрабязная інфармацыя і кантакты – на сайце poprostuodadoz.pl. А аднайменную выставу можна паглядзець у Ваяводскім асяродку культуры па вуліцы Кіліньскага 8 у Беластоку.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі