Пачаліся 38-я Дні Бельска Падляшскага



Ужо традыцыйна Дні горада Бельска Падляшскага пачаліся 1 чэрвеня – ў Сусветны дзень дзіцяці. У мясцовым амфітэатры бурмістр горада Яраслаў Бароўскі перадаў моладзі ключы ад брамы горада. Затым прайшлі мастацкія прэзентацыі пачатковых школ і гімназій. “Наша будучыня ў гэтых маладых людзях – кажа бурмістр Бельска-Падляшскага Яраслаў Бароўскі – нельга пра іх забываць”:

— Мы хочам паказаць, што тыя маладыя людзі, якія вучацца ў Бельску, яны таксама наш гонар. Дні горада запланаваныя так, што яны не толькі для моладзі, але для ўсіх, таму кожны і ў пятніцу, і ў суботу, і ў нядзелю знойдзе для сябе нешта цікавае. Я ўсіх запрашаю.

Сёння з 16:00 ў Амфітэатры пройдзе канцэрт, у час якога свае ўменні пакажа акрабатычна-цыркавы гурток «Вяснушкі» з Кобрынскага Палаца культуры. 38-я Дні Бельска Падляшскага працягнуцца да 5 чэрвеня. У праграме шмат канцэртаў, спартовых ды мастацкіх мерапрыемстваў, міжнародны Ягелонскі кірмаш, вёска Country. Падрабязнасці праграмы шукайце на сайце горада.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара