Пачынаецца рамонт беластоцкага аўтавакзала



Будынак аўтобуснага вакзала ў Беластоку закрываецца на рамонт з 30 снежня. Пасажыраў чакаюць цяжкасці да канца чэрвеня 2017 года, то бок да завяршэння будаўніцтва новага аб’екту. Усе касы і зала чакання перанесеныя ў кантэйнеры, якія ўжо стаяць ля старога вакзала.

Стары будынак мелі зачыніць напачатку кастрычніка, аднак да 29 снежня 2016 года тут усё яшчэ працавалі касы, а ў сярэдзіне чакалі пасажыры. Прычынай спазнення пачатку рамонту была адсутнасць дазволу на разбурэнне вакзала і на будову новага аб’екта.

Паводле старшыні аўтакампаніі PKS Białystok Цэзарыя Серадзкага, чарговыя спазненні ў рэалізацыі інвестыцыі звязаныя з надвор’ем:

— Калі зіма не будзе надта марозная, дык,  я спадзяюся, мы надробім гэты час, але, калі зіма выйдзе марозная, то мы дапускаем, што можа адбыцца невялікае спазненне ў здачы гэтага аб′екта.

Паводле старшыні PKS Białystok рамонт пачнецца ўжо напачатку 2017 года. Завяршэнне плануецца на канец чэрвеня.

У межах рамонту цалкам разбяруць стары будынак вакзала. На ягоным месцы стане новы двухпавярховы аб’ект з касамі, залай чакання і офісамі аўтобусных кампаній. Аўтастаянкі з усходняга боку будынка будуць перанесеныя на заходні: бліжэй да  гандлёвага цэнтра Park.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток