Пад Варшавай ліквідавана лінія кантрафактнай парфумы



Вытворчасць і краму з кантрафактнай парфюмерыяй ліквідавалі супрацоўнікі паліцыі Валоміна і мытна-падатковай службы ў Беластоку.

Канфіскавана каля 158 тысяч штук падробленых парфумаў, 3700 найменняў іншай касметыкі і каля 5 700 этыкетак да адзежы вядомых сусветных марак.

Распавядае прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:

– Супрацоўнікі падляшскай мытна-падатковай службы ў Беластоку, а таксама валомінскія паліцэйскія з аддзела па барацьбе з гаспадарчай злачыннасцю і карупцыяй высветлілі, што на адным з прыватных участкаў у Лешнаволі можа знаходзіцца склад с кантрафактнай парфумерыяй. Супрацоўнікамі былі затрыманыя дзве асобы, якія сартавалі і рыхтавалі да вывазу парфумы. У суседнім будынку была выяўлена лінія па фасаванні  парфумаў, якую абслугоўвалі дзве ўкраінкі.   

Прыблізны кошт нелегальных парфумаў складае каля 20 мільёнаў злотых. Затрыманы чатыры асобы украінскай і армянскай нацыянальнасцяў, якім ужо прад’яўленыя абвінавачванні, ім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота podlaskie.kas.gov.pl