Падляшша атрымае з ЕЗ 90 млн злотых на інавацыі



90 млн злотых атрымаюць падляшскія прадпрыемствы на інвестыцыі ў тэхнічныя інавацыі. Грошы паходзяць з еўрапейскай Аперацыйнай праграмы для Падляшскага ваяводства.

Фінансаванне атрымала 31 прадпрыемства з розных галінаў: выраб фарбаў, мэблі, будаўнічых і сельскагаспадарчых машын ды нават бялізны г.д.

Як кажа віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Мацей Жыўна, дзякуючы фінансаванню ўзнікнуць таксама зусім новыя прадукты, якія будуць канкурэнтаздольнымі не толькі на польскім рынку:

– Нарэшце з’явяцца патэнтныя заяўкі і спадзяемся, што паводле гэтых праектаў будзе пададзена 23 патэнтныя заяўкі на новыя прадукты. Гэта вельмі добрая навіна, што наш рэгіён стане больш інавацыйным і больш канкурэнтаздольным.

Гэта не апошні конкурс для прадпрымальнікаў, які арганізуе Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства. Чарговы конкурс інавацыйных праектаў пройдзе ўжо ў сакавіку.

Гэтым разам Еўразвяз прызначыў 60 мільёнаў злотых на прадпрыемствы, якія хочуць увесці новыя прадукты на рынак.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя