“Падляшша. Натуральная дарога развіцця”



“Падляшша. Натуральная дарога развіцця” – пад такім дэвізам пачынаецца вялікая рэкламная кампанія. Яе галоўная мэта – прасоўваць эканамічны ды інвестыцыйны патэнцыял рэгіёну.  У будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку, падчас прэс-канферэнцыі, была прадстаўлена новая візітная картка ваяводства.

Па словах маршалка Артура Касіцкага, інвестары мала ведаюць пра Падляшша, таму і паўстала кампанія па яго прамоцыі:

– Прамоцыя накіравана на рэальнае інфармаванне патэнцыйных інвестраў у чым нашы моцныя бакі, дзе мы знаходзімся і чаму яны мусяць інвеставаць у нас, а не дзесьці ў іншым месцы. Пачынаем вельмі доўгую працу над тым, каб не толькі Еўропа, але і Азія, і Амерыка і іншыя кантыненты даведаліся, чым з’яўляецца Падляшскае ваяводства. І каб фактычна заахвоціць патэнцыйных інвестараў да таго, каб супрацоўнічалі з нашымі прадпрымальнікамі, каб прыязджалі сюды і інвеставалі ў нашае ваяводства.

У межах рэкламнай акцыі ўжо запрацавала адмысловая інтэрнэт-старонка і з’явіўся відэаролік.

Сярод планаў – правядзенне ўвесну 2021 году Падляшскага эканамічнага форуму, які мае стаць адной з найважнейшых эканамічных падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Новая рэкламная кампанія ўключае два праекты, якія дафінансуюцца з Рэгіянальнай аперацыйнай праграмы. Агульны кошт – каля дзевяці мільёнаў злотых. Хоць на ўсе планы ў выніку можа паўплываць эпідэміялагічная сітуацыя.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Urząd Marszałkowski Województwa Podlaskiego