Падляшскі музей купіў на аўкцыёне партрэты Яна і Ізабэлы Браніцкіх



Каштоўныя партрэты Яна Клеменса Браніцкага і яго жонкі Ізабэлы ўжо ў Беластоку. Дзве барочныя карціны купіў Падляшскі музей на аўкцыёне ў Мюнхене за 55 тысяч еўра. Паводле адмыслоўцаў, партрэты намаляваныя ў другой палове XVIII стагоддзя, аднак аўтар невядомы.

Карціны адрэстаўруюць і яны будуць даступныя для наведвальнікаў музея з лютага, кажа дырэктар Падяшскага музея Андрэй Ляхоўскі.

– Карціны будуць дэманстравацца ў нас у галерэі. Хочам, каб беластачане таксама радаваліся, што такія творы вяртаюцца ў Беласток. Карціны спачатку будуць адрэстаўраваны.

Як дадае дырэктар Андрэй Ляхоўскі, карціны Браніцкіх тым больш каштоўныя, бо рэчаў звязаных з магнацкай парай захавалася нямнога. Грошы на пакупку твораў, у цэлым 300 тысяч злотых, былі выдаткаваны з бюджэта Падляшскага ваяводства.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара