“Падляшскі вянок” ўзнагароджаны на міжнародным фестывалі ў Балгарыі



Адразу некалькі ўзнагародаў прывезлі беларускія дзеці з Падляшша з міжнароднага фестывалю ў Балгарыі. Гэта Залаты медаль фестывалю, Залаты Кубак і Дыплом лаўрэата фестывалю. Дзіцячы танцавальны калектыў “Падляшскі вянок” прадстаўляў Польшчу на фестывалі «Прыморска-2018». “І здзівіў публіку тым, што прэзентаваў не польскую, а беларускую культуру”, – кажа стваральніца і кіраўнік калектыва Аксана Прус:

Найбольш былі здзіўленыя гледачы, бо вельмі шмат было палякаў у якасці гасцей на фестывалі. Яны падыходзілі да нас і пыталіся, чаму гэта не польскія танцы, чаму ў нас іншыя строі і чаму мы ішлі пад двума сцягамі – афіцыйным сцягам Польшчы і нашым гістарычным бел-чырвона-белым. Многа было і беларусаў. І калі абвяшчаюць пра выступ Польшчы – а тут на сцэне паказваюць беларускія танцы, лявоніха пайшла. Таксама падыходзілі да нас, шчыра віталі, вельмі было прыемна.

Калектыў “Падляшскі вянок” існуе некалькі гадоў. Ён створаны пры аб’яднанні бацькоў, дзеці якіх вывучаюць беларускую мову, «АБ-БА». У планах калектыва – ужо чарговыя выступы. Між іншым, 1 верасня – у Орлі і 8 верасня – на Мазурах.

Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/stowarzyszenie.abba