Соймік Падляшскага ваяводства – за поўную ліквідацыю дзікоў (абноўлена)



Соймік Падляшскага ваяводства будзе галасаваць  у карысць заявы аб поўнай ліквідацыі дзікоў на Падляшшы. Управа ваяводскага сойміку рыхтуе праект закона па гэтай справе. Гэта, на думку самакіравання, дапаможа ў ліквідацыі віруса афрыканскай чумы свіней ў рэгіёне.

Аднак, па меркаванні актывіста экалагічнага руху Адама Вайрака,  немагчыма ліквідаваць усіх  дзікоў на Падляшшы, і чыноўнікі такім спосабам могуць нанесці больш шкоды, чым карысці:

– Для  падляшскіх фермераў галоўная праблема зараз – гэта продаж свініны. І перадусім трэба рабіць захады, каб афрыканская чума свіней не распаўсюджвалася на іншыя рэгіёны Падляшша, і што найгорш, каб яна не выйшла за межы Падляшскага ваяводства. Гэты адстрэл можа прывесці да таго, што распаўсюд АЧС будзе адбывацца яшчэ хутчэй.

Маршалак Падляшскага ваяводства Мечыслаў Башко звярнуўся таксама да міністра сельскай гаспадаркі Марка Савіцкага гарантаваць паступленне ў бюджэт сродкаў на адстрэл дзікоў і на іх утылізацыю.

Падляшскія фермеры далучыліся да агульнапольскага страйку і вылучылі між іншым патрабаванне адстрэлу дзікоў, якія фактычна нішчаць іх палі, а таксама разпаўсюджваюць вірус афрыканскай чумы свіней.

Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле

* * *

Фермеры перакрылі дарогу №19 пад Заблудавам пратэстуючы супраць гаспадарчай палітыкі польскага ўрада.

Пратэстоўцы патрабуюць большай кампенсацыі за нанесеную дзікамі шкоду ды адстрэлу ўсяго іх пагалоўя. Таксама фермеры наракаюць на тое, што з-за эпідэміі афрыканскай чумы няма сэнсу гадаваць свіней.

Блакада дарогі пад Заблудавам – гэта толькі адна з акцый пратэсту, якая пачалася ва ўсёй Польшчы. Фермеры папярэджваюць, што калі палітыка ўрада не зменіцца, то яны паедуць перакрываць Варшаву, кажа Язэп Свірыдзюк з Кавалёўцаў, што пад Заблудавам:

– Урад лічыць нас няздарамі, яны думаюць толькі пра сваю кішэню. Я так думаю, што гэта не Еўразвяз загадвае, а яны самі нас знішчаюць, каб дабіць да канца і тады пачынаць спачатку. Гэта як у часы былога прэзідэнта Валенсы – ўсе дзяржаўныя гаспадаркі ліквідавалі, людзі апынуліся на вуліцы, а цяпер адбываецца тое самае.

Пад Заблудавам пратэстуюць фермеры з уяго Падляшша. Прыехалі фермеры з ваколіц Ломжы, Сувалак, Саколкі і мясцовыя з-пад Бельска Падляшскага і Юхнаўца. Дарога №19 будзе заблакаваная мінімум 5 дзён. Паліцыя ўжо вызначыла аб’езды праз Рафалаўку і Фальваркі-Тыльвіцкія.

* * *

Падляшскія фермеры 3 лютага будуць блакаваць дарогу з Беластока ў Заблудаў. Гэта адзін з пратэстаў, якія пачнуцца ў 11 гадзін па ўсёй Польшчы. Фермеры будуць пратэставаць супраць палітыкі польскага ўрада, якая, паводле іх, б’е па іхных інтарэсах. Маюцца на ўвазе страты, выкліканыя дзікамі, афрыканскаю чумою свіней, гэтак званыя малочныя квоты і расейскае эмбарга.

Аднак найбольшыя страты прыносяць дзікі, якіх адпаведныя службы не хочуць або не могуць адстрэліць, кажа спадар Антон Лабановіч з Вялікай Зубжыцы, што ў гміне Шудзялава:

– Перадусім, трэба вырашыць справы, звязаныя са шкодай, якую робяць дзікі фермерскім гаспадаркам. Трэба дазволіць адстрэл дзікоў.

Учора, 2 лютага, на сустрэчы з земляробамі ў Беластоку міністр сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі заявіў, што звернецца за ўраду, каб адстрэліць усіх дзікоў на Падляшшы. Але не ўсе земляробы давяраюць міністру і сёння будуць блакаваць важныя дарогі. Пачатак пратэста на дарозе з Заблудава ў Беласток у 11.

* * *

На Падляшшы адстрэляць усё пагалоўе дзікоў, заявіў у Беластоку на сустрэчы з фермерамі міністр сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі. Звязана гэта са шкодамі, якія наносяць дзікі гаспадаркам, а таксама з эпідэміяй афрыканскай чумы прынесенай імі на Падляшша з тэрыторыі Беларусі.

Пад націскам падляшскіх фермераў Марэк Савіцкі паабяцаў, што на заўтрашяй сустрэчы савета міністраў Польшчы прапануе такое рашэнне:

– Калі ёсць такі магутны націск, то інфармую, што падам заяўку на поўны адстрэл дзікоў.

Гэта не адзінае патрабаванне, якое высоўваюць падляшскія фермеры ў сувязі з вялікім пагалоўем дзікоў. Яны хочуць большай кампенсацыі за нанесеныя дзікамі страты ў сельскай гаспадарцы, кажа Антон Лабановіч з Вялікай Зубжыцы, што ў гміне Шудзялова:

– Падатак трэба плаціць Беластоку ці гміне Шудзялова, а кажуць, што дзікі беларускія. Калі я звяртаюся па адстрэл дзікоў, то яны кажуць, што на Беласточчыне магчымы адстрэл 3-4 дзікоў, а гэта дзікі Лукашэнкі. Ну тады я павінен плаціць падаткі Адэльску, тады б Лукашэнка даў мне кампенсацыю.

Некаторыя земляробы атрымліваюць за страты 300 злотых з гектара, калі рэальная вартасць складае каля 10 тысяч злотых.

* * *

Фермеры 2 лютага заблакавалі рэспубліканскую дарогу №2 паміж Седльцамі і Тэрэспалем. Яны дамагаюцца ад польскага ўраду кампенсацый за знішчаны дзікамі ўраджай часткі сельскагаспадарчых культур, увядзенне двухгадовай забароны рытуальнага забою жывёл, а таксама пратэстуюць супраць нізкіх рынкавых коштаў на сыравіну.

Калі сённяшні пратэст не прынясе вынікаў, будуць чарговыя пратэсты і блакады дарогаў не толькі ў Мазавецкім, але і астатніх ваяводствах Польшчы – раз у два дні. Праз некалькі дзён пачнецца „блакада Варшавы”.

Беларускае Радыё Рацыя