Палескія танцы і спевы ў Мельніку



У Мельніку загасцілі палескія танцы і спевы. У Асяродку гісторыі мельніцкай зямлі праходзяць майстар-класы па відах народнай творчасці з ваколіцаў Палесся. «Я імкнуўся выбіраць танцы з раёнаў побач Падляшша», кажа інструктар па танцах з Любані Сяргей Выскварка:

– Тое, што атрымалася знайсці на Камянеччыне, гэта ў асноўным з Высокага. І некалькі раёнаў Берасцейскай вобласці: Бярозаўскі, Іванаўскі раён, Пінскі. Гэта тыя, што бліжэй да Падляшша. І гэта варыянты танцаў, якія змаглі б выканаць малодшыя дзеці. Трэба на гэта настроіцца, бо сучасныя дзеці не чуюць таго народнага даўняга рытму. Цяпер спрошчаны рытм: раз, два, раз, два. А ў народным танцы ўсё ж ёсць трайны рытм, як у вальса ці полькі. Таму ім спачатку трэба перастроіцца на гэты рытм, а пасля яны могуць ужо танцаваць.

Узяць удзел у майстар-класах можа кожны. Заняткі будуць працягвацца да пятніцы 21-га ліпеня. Пачатак майстар-класаў у 11:00.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі

Фота аўтара