Палякі, што падманвалі ў Беластоку беларусаў на абмене валют, трапілі за краты



У студзені ў Беластоку завяршыўся суд над двума ашуканцамі-палякамі, якія ў 2014-2015 гадах у Падляшскім ваяводстве шляхам падману завалодалі сумай грошай у памеры 2 мільярды 517 мільёнаў беларускіх рублёў (яшчэ недэмінаваных), або каля 150 тысяч еўра. Пацярпелымі сталі беларусы, якія паверылі, што можна выгадна абмяняць свае «зайчыкі» на еўра.

Ахвяр палякі знаходзілі ў гандлёвых цэнтрах Беластока, якім прапаноўвалі абмен беларускіх рублёў на еўра па выгадным курсе. Палякі паспяхова здзяйснялі некалькі здзелак па выгадным для кліентаў курсе, а калі дамаўляліся на буйныя сумы ў працу далучаўся хітры пакет, які быў падзелены на дзве часткі. У адной не было дна, а ў другой – ляжалі паперкі, прыкрытыя зверху невялікай колькасцю еўравалюты.

Калі даходзіла да абмену грошы траплялі ў тую яго частку, якая не мела дна і грошы правальваліся ў наплечную торбу палякаў. Беларусам даставаліся толькі паперкі замест еўра.

Злачынцаў прысудзілі да 5 і 6,5 гадоў турмы. Ашуканцаў абавязалі вярнуць пацярпелым мільярды рублёў і павесілі на іх велізарны доўг, зрэшты, некаторыя беларусы да гэтага часу так і не ўбачылі ні рубля са сваіх страчаных грошай, піша euroby.info.