Памерла настаўніца беларускай мовы з Гайнаўшчыны Людміла Грыгарук



Беларускае асяроддзе Падляшша страціла адну з настаўніц беларускай мовы.

Ва ўзросце 57 гадоў памерла Людміла Грыгарук, якая шмат гадоў выкладала беларускую мову ў гайнаўскай школе №4. Яна ўмела зацікавіць вучняў мовай, на ўрокі беларускай мовы запісваліся таксама дзеці з каталіцкіх сем’яў. Ініцыятарка і арганізатарка разнастайных школьных святаў і конкурсаў. Штогадовае свята беларускай культуры было адным з найбольш папулярных сярод школ горада.

За гады працы Людміла Грыгарук выхавала дзясяткі лаўрэатаў прадметных конкурсаў, дэкламатараў і спевакоў. Яе вучні без аніякіх праблем паступалі ў белліцэй. Яе ўрокі пачыналіся з прывітання „добры дзень, Настаўніца”.

Сёння, 3 траўня, у Гайнаўцы пройдзе развітанне з Настаўніцай – Людмілай Грыгарук.

Рэдакцыя Радыё Рацыя выказвае спачуванне родным і блізкім памерлай.