Памежны пераход “Кузніца” адкрываць пакуль не плануюць



Рызыка нелегальнай міграцыі па-ранейшаму высокая, таму памежны пераход у Кузніцы, верагодна, не адкрыюць.

Пра гэта Польскаму Радыё Беласток распавёў камандзір Падляшскага памежнага аддзела генерал Анджэй Якубашак:

– Каб памежны рух быў вернуты, павінны быць выкананыя некаторыя меры. Спакойная сітуацыя на адрэзку і адсутнасць любых рызык, што ў хуткім часе там з’явяцца мігранты і масава будуць спрабаваць перасекчы мяжу. У нас ёсць інфармацыя, што ў лагістычным цэнтры на беларускім баку знаходзяцца мігранты, яны таксама ў Гародні, на невялікай адлегласці ад Кузніцы. Таму, паводле нас, не адбылося нейкіх значных змен.

Памежны пераход у Кузніцы закрыты з лістапада мінулага года.

Фота: Monika Kalicka