Памяць пра Нёманскую бітву 1920 года



Чарговыя падляшскія самаўрады атрымалі памятныя шыльды, якія прыгадваюць пра стагоддзе перамогі над бальшавікамі.

Напярэдадні маршалак ваяводства Артур Касіцкі ўручыў шыльды прадстаўнікам гмінаў Гібы і Краснопаль, а таксама Сейненскага і Сувальскага паветаў. Кажа маршалак Касіцкі:

– Чарговыя прадстаўнікі самаўрадаў атрымалі шыльды, якія адзначаюць месцы, звязаныя з Нёманскай бітвай у нашым рэгіёне. Такім чынам мы адзначылі стагоддзе гэтай пераможнай для палякаў падзеі, якая стала апошнім акордам польска-бальшавіцкай вайны 1920 года. Агулам у гміны і паветы перададзеныя 14 сімвалічных шыльдаў, якія будуць нагадваць сучаснаму і будучаму пакаленням пра годныя ўчынкі іх продкаў, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы.

На памятных шыльдах размешчаны наступны надпіс: “Месца памяці Нёманскай бітвы 1920 года – для ўшанавання памяці ўсіх, хто аддаў даніну крыві і жыцця ў абарону незалежнасці і суверэнітэту нашай радзімы, у стагоддзе слаўнай перамогі над бальшавікамі, маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі”.

Беларускае Радыё Рацыя