Памёр радыйшчык Лукаш Сцепанюк (абноўлена)



Не стала нашага рэдакцыйнага калегі – Лукаша Сцепанюка. Шматгадовага журналіста, беларускага музычнага рэдактара, гукарэжысёра. Лукаш Сцепанюк быў звязаны з Беларускім Радыё Рацыя з самага пачатку яго заснавання.

Узгадвае старшыня ўправы Радыё Рацыя Яўген Вапа:

Лукаш Сцепанюк – гэта тое пакаленне беларусаў Падляшша, якое, пачаўшы з ліцэйных гадоў, уключалася па чарзе – у беларускі маладзёвы рух, беларускі студэнцкі рух, а потым, у дарослым веку, сваё жыццё звязала з беларускай журналістыкай. Гэта чалавек з таго пакалення, якое несла пераемнасць адказнасці, уяўлення і развіцця. Ён таксама верыў у Беларусь.

Лукаш Сцепанюк ад пачатку, калі ўзнікла Беларускае Радыё Рацыя, быў звязаны з нашым радыё – быў яго журналістам, быў музычным рэдактарам, быў гукарэжысёрам. І ўсе гады, нягледзячы на цяжкія і лепшыя хвіліны гісторыі Беларускага Радыё Рацыя, ніколі ад яго не адракаўся, не пакінуў, выстойваў да канца.

Мы проста ўсе ў шоку. Словы спачування і болю для сям’і, для жонкі, для сына, для маці, для самы блізкіх і родных, для ўсіх знаёмых. Гэта неймаверна вялікая страта для нашай беларускай журналістыкі.

***

Не стала нашага рэдакцыйнага калегі, беларускага журналіста, шматгадовага музычнага рэдактара і гукарэжысёра – Лукаша Сцепанюка.

Лукаш Сцепанюк.

Лукаш Сцепанюк быў звязаны з „Беларускім Радыё Рацыя” з самага пачатку яго існавання. Быў аўтарам музычных перадач на хвалях нашага радыё – „Сусветны хіт”, „Шчаслівая трынаццатка”. Вядомы нашым слухачам, як Dj zona. Яму было 44 гады. У яго засталіся жонка і сын.

Выпускнік Агульнаадукацыйнага ліцэю з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Звязаны з дзейнасцю беларускага руху ў Польшчы. Быў старшынём Беларускага аб’яднання студэнтаў, суарганізатарам Фестываляў Музыкі маладой Беларусі „Басовішча”, намеснікам Фонду „Камунікат”, дзе сярод іншага займаўся відэа і гукаапрацоўкай.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]