Партыя «Разам» прадставіла кандыдатаў на мясцовыя выбары ў Бельску і Беластоку



Севярын Пракапюк і Катажына Расіньская – гэтыя кандыдаты ўзначальваюць выбарчыя спісы ад партыі «Разам» у Соймік Падляшскага ваяводства.

Пракапюк будзе змагацца за галасы жыхароў Гайнаўскага і Бельскага паветаў, Расіньска — кандыдуе ў Беластоку.

Прэзентацыя кандыдатаў прайшла ў Бельску-Паляшскім і Беластоку пры ўдзеле сябры ўправы партыі «Разам» Адрыяна Зандберга.

Адным з галоўных пастулатаў партыі ў выбарчай кампаніі на Падляшшы будзе развіццё грамадскага транспарту, кажа кандыдат у Соймік Севярын Пракапюк:

— Мы хочам вярнуць ва ўсе павятовыя гарады, у якіх існуе чыгуначная інфраструктура, чыгунку. Цяпер ідзе рамонт спалучэння Леўкі – Гайнаўка, мы будзем дамагацца і сачыць за тым, калі ўся траса будзе ва ўжытку, каб паміж Гайнаўкай і Беластокам курсавала мінімум восем пар цягнікоў у суткі, а паміж Бельскам-Падляшскім і Беластокам у гадзіны-пік  цягнік павінен курсаваць штогадзіну.

 Іншыя пастулаты партыі «Разам» гэта даступнасць лячэння бясплоднасці, раўнапраўе жанчын, большая даступнасць да культуры.Чарговыя кандыдаты партыі «Разам», у Сувальскай і Ломжынскай акругах будуць прэзентаваныя ў чацвер, 23 жніўня.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: Прэс-служба партыі «Разам»