Партыя „Вясна” анансавала моладзевую арганізацыю “Прадвесьне”



“Прадвесьне” ( Рrzedwiośnie) – так называецца моладзевая арганізацыя партыі “Вясна”, якую сёння ў Беластоку анансаваў адзін з лідараў партыі Кжыштаф Сьмішэк.  

Беласток не з’яўляецца такім кансерватыўным, як некаторыя лічаць, – перакананы Кжыштаф Сьмішэк:

– Яшчэ пару гадоў таму такія пастулаты “Вясны”, калі верыць таму, што Беласток такі кансерватыўны, не мелі б шанцаў з’явіцца. Зараз маем сетку актывістаў і актывістак у Беластоку і ваколіцах. Сёння мы абвясцілі пра з’яўленне нашай моладзевай арганізацыі. Моладзь 16-20 гадоў далучаецца да “Вясны”. Яны маюць сваю арганізацыю, якая называецца “Прадвесьне”. Запрашаем усіх беларусаў, якія лічаць, што лепшая Польшча – больш талерантная – магчыма. Запрашаем да супрацы з “Вясною”.

Партыя „Вясна”, з’явілася на палітычнай сцэне Польшчы месяц таму, і паводле апытанняў грамадскай думкі, займае трэцяе месца пасля Аб’яднаных правых сіл у Польшчы і Еўрапейскай кааліцыі. Стваральнікам партыі з’яўляецца былы прэзідэнт Слупска Робэрт Бедронь. „Вясна” бліжэйшым часам прадставіць свае спісы кандыдатаў на выбары ў Еўрапейскі парламент. 

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток