Патрыярх Александрыйскі Феадор ІІ узначаліў святкаванні на Прачыстую ў Бельску 



Сёння, 21 верасня, праваслаўныя ўспамінаюць Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы. Гэта першае з 12 вялікіх святаў у царкоўным календары. Разам з нараджэннем Багародзіцы, у гэты дзень узгадваюць таксама Яе бацькоў – Яахіма і Ганну.

Гарадскія святкаванні прайшлі ў Прачысценскай царкве. Узначальваў іх Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава і Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феадор ІІ. “Гэта гістарычная падзея,” – кажа айцец Андрэй Мінько:

– Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы – асаблівае свята ў нашым горадзе Бельску. У старажытным горадзе самы старадаўні храм – Прачысценскі. І ў наш горад прыбыў і служыў Боскую Літургію Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феадор ІІ. Гэта гістарычны візіт.

Кананічны візіт Феадора ІІ у Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве пачаўся з 19 верасня і працягнецца да 24. Александрыйскі Патрыярхат – другі паводле ерархіі ў сусветнай праваслаўнай царкве.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя